ЗЯМЕ́ЛЬНЫ ФОНД Рэспублікі Беларусь,
уся зямля ў межах краіны з унутр. водамі і прыроднымі рэсурсамі. Парадак, умовы карыстання і валодання зямлёй рэгулююцца Зямельным правам. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) З.ф. падзяляецца на землі с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага і гіст.-культ. прызначэння, ляснога і воднага фондаў, запасаў. Састаўныя часткі З.ф. ўстанаўліваюцца дзяржавай у залежнасці ад патрэб развіцця нар. гаспадаркі. Пры неабходнасці землі з адной катэгорыі пераводзяць ў другую. Структура З.ф. Рэспублікі Беларусь на 1.1.1997: агульная плошча 207,6 тыс. км2 (2076 тыс. га); з іх 45% займаюць с.-г. землі, 36% — лясы, 2% — воды, 17% — інш. землі. Найб. частка тэрыторыі пад с.-г. землямі, якія выкарыстоўваюцца для атрымання с.-г. прадукцыі. У іх уваходзяць ворныя землі, землі пад насаджэннямі, сенажацямі, пашамі. Структура с.-г. зямель Беларусі на 1.1.1997: агульная пл. 9333 тыс. га; з іх 6230 тыс. га (66,8%) ворныя землі, 146 тыс. га (1,5%) пад пастаяннымі культурамі, 1258 тыс. га (13,5%) пад сенажацямі, 1699 тыс. га (18,2%) пад пашай. У разліку на душу насельніцтва прыпадае 0,9 га с.-г. зямель, у т.л. 0,6 га ворных. У 1997 сярэдні памер плошчы с.-г. зямель калгасаў, саўгасаў і інш. калектыўных гаспадарак каля 3 тыс. га, фермерскіх гаспадарак 18 га. З агульнай плошчы с.-г. зямель 9267 тыс. га (99,3%) знаходзілася ў карыстанні с.-г. прадпрыемстваў і грамадзян. У іх складзе ў карыстанні калгасаў 5664 тыс. га (61,1%), саўгасаў і інш. дзярж., каап. і міжгасп. прадпрыемстваў — 2093 тыс. га (22,5%), у карыстанні грамадзян (асабістыя і фермерскія гаспадаркі) — 1510 тыс.га (16,4%). Лепшыя землі заняты пасевамі с.-г. культур. Пасяўныя плошчы пад культурамі ўстанаўліваюцца з улікам гасп. выкарыстання ўраджаю. Робяцца захады па паляпшэнні выкарыстання ўсіх частак З.ф. Гал. ўвага аддаецца росту прадукцыйнасці с.-г. зямель шляхам укаранення інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання культур і ўтрымання жывёлы, асваення найноўшых метадаў кіравання, рацыянальнага выкарыстання працы, зямлі, матэрыяльна-тэхн. і грашовых сродкаў. Інтарэсы стварэння канкурэнтна- і экспартназдольнай таварнай вытв-сці патрабуюць паскарэння тэмпаў інтэнсіфікацыі і росту ўзроўню яе эфектыўнасці пры выкарыстанні ўсіх састаўных частак З.ф., перш за ўсё с.-г. зямель.
А.І.Ківейша.
т. 7, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)